ОАО “ДСТ № 3”

Адны будуюць цуды-гарады, другiя iх злучаюць праз дарогi

1 ноября 2021 г.
1406

31 кастрычніка — дзень аўтамабіліста і дарожніка

Работнікі нашага прадпрыемства заслугоўваюць найвышэйшай удзячнасці за тое, што робяць. Мы ганарымся прафесіяй і любім яе. Усё, што прыносіць радасць людзям, для нас важна. І наша галоўная мэта — рабіць так, каб гэта было людзям неабходна і каштоўна. Асабліва хочацца адзначыць рабочых. Дождж, сонца, пыл, шум — ім прыходзіцца працаваць у жорсткіх умовах. Менавіта іх рукамі пабудаваныя тыя дарогі, якія атрымалі адзнаку на самым высокім узроўні. Гонар ім і слава. Прыміце шчырыя віншаванні ў свой адрас. Хочацца пажадаць усім дарожным будаўнікам, нашым калегам і партнёрам здароўя, дабрабыту і дастатку ў сем'ях, вялікага партфеля заказаў, поспехаў у рабоце, ну і, вядома, святочнага настрою.

Генеральны дырэктар ААТ «ДБТ № 3» Аляксандр МІХАЛЕНКА.

Калі нехта лічыць, што будаўнікам не характэрна рамантыка, то моцна памыляецца. На галоўнай старонцы сайта ААТ «ДБТ № 3» размешчаны верш былога супрацоўніка трэста Юрыя Гусева, які вельмі ўдала зарыфмаваў у паэтычных радках сэнс гэтай высакароднай прафесіі. Сціпла, са смакам, без лішняга пафасу, пранікнёна! І тое, што яго цытуе трэстаўская моладзь, вельмі паказальна. Тым больш што ганарыцца сапраўды ёсць чым. За сваю болей чым паўвекавую гісторыю прадпрыемства вырасла з машыннадарожнай станцыі ў вялікі шматфункцыянальны трэст.

Бетонка па сучасных тэхналогіях

На Дзень народнага адзінства ў Магілёве ўрачыста ўводзіўся ў эксплуатацыю першы ўчастак трасы-дублёра, генпадрадчыкам будаўніцтва якога з'яўляецца менавіта ААТ «ДБТ № 3». Гучала шмат удзячных слоў ад губернатара вобласці Леаніда Зайца, павіншаваць будаўнікоў прыехалі кіраўнік адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка, міністр архітэктуры Руслан Пархамовіч, намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Сівак. Уручаліся ганаровыя граматы і падзякі. Траса зроблена з апераджальнымі тэмпамі, сэканомлены бюджэтныя сродкі, сама бетонка як карцінка — з шасціпалосным палатном для аўтамабільнага руху, зручнымі вела- і пешаходнымі дарожкамі, прыгожымі прыпыначнымі пунктамі. Першая, дарэчы, траса ў Магілёве, зробленая па сучасных тэхналогіях. Лічы, вышэйшы пілатаж у дарожным будаўніцтве. Таму і словы ўдзячнасці шчырыя, і ўзнагароды заслужаныя, і настрой добры. Траса-дублёр звязала Задняпроўе з Казіміраўкай і дазволіла наўпрост выязджаць на Мінскую шашу. Магіляўчане ўжо ў першы месяц адчулі ўсе перавагі. З цэнтральных вуліц горада знік паток вялікагрузнага транспарту, палепшылася экалогія, менш стала выхлапных газаў, знізіўся ўзровень шуму, скарацілася колькасць затораў.

Працуем па спадарожніку

Сёння аб'ект № 1 для будтрэста — паўднёвазаходні абход Магілёва. Яго ўвод запланаваны на 2023 год. Магілёў стане першым у краіне абласным цэнтрам, вакол якога з'явіцца аб'язная дарога. Адзін з участкаў, дзе сёння кіпіць работа, знаходзіцца па гомельскай шашы. Да яго ад Магілёва сем кіламетраў.

— Дарога ў гэтым месцы звяжа гомельскую трасу з бабруйскай вакол Магілёва, — удакладняе па дарозе да будаўнічай пляцоўкі намеснік генеральнага дырэктара па знешнеэканамічнай дзейнасці і кіраванні праектамі ААТ «ДБТ № 3» Аляксандр ЛЯСНЕЎСКІ.

На пляцоўцы шмат рознай тэхнікі: экскаватары, бульдозеры, грэйдары, каткі, самазвалы. Штодзённа тут працуе да 100 чалавек: дарожныя рабочыя, механізатары, іншыя спецыялісты. Нехта раўняе зямельнае па-латно, нехта прасуе чарговы слой дарожнага «пірага», нехта ўшчыльняе адхілы.

— Займаемся адсыпкай зямельнага палатна, робім аснову дарожнага адзення, кладзём пусты бетон і асфальтабетоннае пакрыццё, — тлумачыць спецыфіку будаўніцтва дарожны майстар Максім ГОЛУБЕЎ. — Работы ідуць на ўчастку болей чым 12 кіламетраў.

Максім вопытны дарожнік, працуе ў трэсце 12 гадоў, прымаў удзел у рэканструкцыі дарог М4, М5, М6.

Будаўніцтва на паўднёва-заходнім участку каардынуе вытворца работ Павел КРАЧАЎ. Ён звяртае ўвагу на тое, што дарога праходзіць праз балоцістую мясцовасць, і гэта патрабуе больш складанага ўладкавання дарожнага палатна.

У рабоце задзейнічана перадавая тэхніка. На грэйдарах і бульдозерах усталяваны GPS-датчыкі. Гэта спрашчае работу, няма перарасходу паліва, менш патрабуецца часу на планіровачныя работы.

— Земпалатно адводзіцца пад адзнаку па GPS-навігацыі, — заўважае галоўны геадэзіст Яўген КОРАНЬ. — Спадарожнік дазваляе аптымізаваць працэс і значна яго паскорыць. Яўген кантралюе аб'ект у адзіночку з планшэтам у руках. Раней гэтую работу дапамагалі рабіць яшчэ некалькі дарожных рабочых, была задзейнічана вялікая колькасць спецыялізаваных прыбораў.

Аб'екты пад ключ

Будаваць з апераджальнымі тэрмінамі ААТ «ДБТ № 3» дазваляе, па-першае, наяўнасць спецыялістаў высокага ўзроўню і выкарыстанне перадавых тэхналогій, па-другое, сучасная тэхніка і сваёй жа вытворчасці будматэ-рыялы. Напрыклад, для будаўніцтва аб’язной дарогі выкарыстоўваецца пясок са сваіх кар’ераў, а асфальта-бетон пастаўляецца са свайго ўчастка АБЗ.

— У змену выпускаем да 1000 тон асфальтабетоннай сумесі і да 200 кубоў пустога бетону, — удакладняе начальнік магілёўскага ўчастка АБЗ Станіслаў САМУСЕНКА. — Акрамя іншага, мы засвоілі вытворчасць такога эксклюзіўнага дарожнага кампанента, як друзава-мастычная сумесь з гума-бетонным вяжучым.

На АБЗ працуе каля 30 чалавек, кожны спецыяліст на сваім месцы. Стаж работы машыніста змешвальніка асфальтабетону Міхаіла Чудзянкова складае 16 гадоў. «Ён вельмі старанны і не дапускае браку», — так пра яго работу адзываюцца калегі і кіраўніцтва. Вагаўшчыца Ірына Волкава прыйшла сюды 17-гадовай дзяўчынай і адпрацавала з перапынкамі на адпачынак 24 гады. Адзін з тых, кім тут ганарацца, электраманцёр і слесар КІПіА Аляксандр Ягораў. Спецыяліст кантралюе аўтаматызаваныя ўстаноўкі, сам піша праграмы. Дзякуючы яго ведам, атрымалася аператыўна перавесці ўстаноўку Teltomat на вытворчасць пустога бетону — матэрыялу, які выкарыстоўваецца ў якасці ніжняга пакрыцця дарогі.

Што датычыцца эстэтычнага афармлення дарогі — пліткі, агароджы, прыпыначных павільёнаў, то гэтым у ААТ «ДБТ № 3» займаецца філіял — Упраўленне «Дарсэрвіс». Менавіта тут вырабляецца рознакаляровая плітка, якая прымянялася пры будаўніцтве трасы-дублёра ў Магілёве. На аб'ект, дарэчы, пайшло 35 тысяч квадратных метраў пліткі — жоўтай, чырвонай, чорнай, зялёнай, шэрай.

— Наша плітка не толькі прыгожая, але і трывалая, — запэўнівае галоўны інжынер Юрый БЯЗМЕН. — Мы яе робім на вібрапрасе з выключна якасных матэрыялаў.

У цэху тратуарнай пліткі наладжана вытворчасць дарожнага і тратуарнага камянёў, спецыяльнай пліткі для ўмацавання дарожных адхонаў. Ёсць цэхі металаканструкцый і вырабаў з дрэва. У апошнім робяцца апалубкі, а таксама элементы паддонаў і брус на экспарт. Для адгрузкі і прыёму будматэрыялаў выкарыстоўваецца павышаны шлях, які знаходзіцца на тэрыторыі «Дарсэрвісу».

Спецыялісты прадпрыемства займаюцца таксама ўладкаваннем інжынерных сетак на дарожных аб'ектах і вонкавым асвятленнем. Тут працуе ўчастак па выкананні электрамантажных работ да 10 кілавольт.

Справімся з любымі задачамі

Трэст будуе і рэканструюе дарогі любой складанасці і прызначэння, пачынаючы ад вуліц і элементаў агульнага карыстання, заканчваючы міжнароднымі магістралямі і аэрадромамі. Філіялы ААТ «ДБТ № 3» знаходзяцца ў Магілёве, Бабруйску, Крычаве, Горках. У вытворчай дзейнасці выкарыстоўваюцца пяць стацыянарных і дзве мабільныя асфальтабетонныя ўстаноўкі. Адна з іх знаходзіцца ў Касцюковічах. Побач Расія, і асфальта-бетон ідзе ў тым ліку на экспарт.

— На сёння мы адчуваем сітуацыю, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара ААТ «ДБТ № 3» па эканоміцы Леанід ЗАХАРКЕВІЧ. — Павялічваем вытворчасць асфальтабетонных сумесяў, тратуарнай пліткі, дарожнага і тратуарнага борта, у большай колькасці адгружаем пясок. Збіраемся асвоіць выпуск тактыльнай пліткі для безбар’ернага асяроддзя. У апошніх праектах яна фігуруе паўсюль. А каштуе нятанна.

Дзякуючы ААТ «ДБТ № 3» Магілёў апошнім часам істотна папрыгажэў. Менавіта яго будаўнікі рабілі добраўпарад-каванне вакол аркі, з якой пачынаецца горад на ўездзе з Мінска, маштабную рэканструкцыю вуліц Якубоўскага, Крупскай, Мінскай шашы, цэнтральнай вуліцы Першамайскай.

— Раней каля прыпынкаў грамадскага транспарту ляжаў асфальтабетон, а зараз — брусчатка, — звяртае ўвагу Леанід Захаркевіч. — Гэта даражэй, але больш якасна і даўгавечна. Асфальтабетон хутка дэфармуец-ца, брусчатка больш трывалая. Ды і ў эстэтыцы выйграе.

Дарожнікі надалі новы сэнс афармленню былога аўтамабільнага пуцеправода праз чыгуначную дарогу па праспекце Міру. Цяпер гэта адзін з цікавых арт-аб’ектаў горада з прыгожай падсветкай у вячэрні час.

Спецыфіка работы, наяўнасць тэхнікі, высокі прафесіяналізм дазваляюць будаўнікам ААТ «ДБТ № 3» ствараць самыя складаныя аб’екты не толькі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, але і ў Расіі.

— Сёлета выйгралі генпадрадны кантракт на будаўніцтва дарогі ў Бранскай вобласці, — удакладняе намеснік генеральнага дырэктара па знешнеэканамічнай дзейнасці і кіраванні праектамі Аляксандр ЛЯСНЕЎСКІ. — Гэта не першы наш аб’ект у Расіі. Раней будавалі развязку на Мажайскай шашы ў Маскве, на ўмовах субпадраду ўдзельнічалі ў стварэнні найскладанейшага абыходу па рацэ Ацэ вакол Калугі.

Наша багацце — людзі

На сайце трэста можна ўбачыць, наколькі насычаным грамадскім жыццём жыве калектыў. На фотаздымках яркія імгненні спартыўных паядынкаў і турзлётаў. Мяркуючы па шчаслівых тварах удзельнікаў, такі калектыўны адпачынак ім падабаецца. Болей чым 95 % работнікаў трэста, а гэта каля тысячы чалавек, з'яўляюцца членамі прафсаюза. Увага тут удзяляецца тым, хто працуе зараз, і тым, хто папоўніў шэрагі ветэранаў.

— Калдагаворам у нас прадугледжана дапамога ветэранам, шматдзетным сем'ям, іншым уразлівым катэгорыям, — расказвае старшыня аб'яднанай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «ДБТ № 3» Вераніка КАЗЛОВА. — Акрамя матэрыяльнай дапамогі, сем'і, якія выхоўваюць траіх і болей дзяцей, а таксама сем'і, дзе ёсць дзеці-інваліды, маюць права на адзін вольны дзень на тыдзень. На адзін дадатковы выхадны, але ў месяц, могуць разлічваць і тыя сем'і, на ўтрыманні якіх двое дзяцей. Маладым спецыялістам кампенсуем выдаткі на здымнае жыллё. Арганізоўваем культмасавыя мерапрыемствы да 23 лютага, 8 Сакавіка, Дня будаўніка, Дня дарожніка, Новага года. Дзень будаўніка сёлета прайшоў у рамках турзлёту «Дарожнікі-2021» у Чачэві-чах. Атрымалі шмат станоўчых эмоцый.

Найлепшыя адзначаюцца рознымі ўзнагародамі ўсіх ўзроўняў. Шэраг з іх будзе адзначаны і сёлета падчас Дня аўтамабіліста і дарожніка.

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара, Алены ДАЎЖАНОК і з архіва прадпрыемства.

ФОТОГАЛЕРЕЯ (1)